Новости проекта
С Новым годом и Рождеством!
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Праект арганізацыі работы шостага школьнага дня «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся»

Дата: 3 ноября 2021 в 23:11, Обновлено 13 мая 2022 в 20:21

Праект

арганізацыі работы шостага школьнага дня

«Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся»

З вопыту работы

Галіцкай Маі Аляксандраўны,

настаўніка рускай мовы і літартатуры, беларускай мовы і літаратуры, АіСМК

вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Дзяржаўнай установы адукацыі «Чабатовіцкі дзіцячы сад – сярэдняя школа Буда-Кашалёўскага раёна»

Адрас: Гомельская вобл., Буда-Кашалёўскі р-н, в. Чабатовічы, вул. Школьная, 3

Тел. 8(02336) 4 32 72

E-mail: dsschkola@mail.gomel.by

Чабатовічы, 2021

АНКЕТА-ЗАЯЎКА

для удзелу ў VIII рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект па арганізации шостага  школьнага дня

1

Поўная назва ўстановы адукацыі

Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Чабатовіцкі дзіцячы сад – сярэдняя школа Буда-Кашалёўскага раёна» Гомельскай вобласці Рэспублікі Беларусь

2

Паштовы адрас установы адукацыі, кантактны тэлефон, факс, факс, e-mail

Гомельская вобл., Буда-Кашалёўскі р-н, в. Чабатовічы, вул. Школьная, д.3

8-(02336)4-32-72

dsschkola@mail.gomel.by

3

Кіраўнік установы адукацыі

Цыкунова Таццяна Валянцінаўна

4

Найменне намінацыі

«У год народнага адзінства ідзём шляхам дабрыні»

5

Назва праекта

«Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся»

6

Спасылка для спампоўвання электроннага варыянта конкурснай работы

https://disk.yandex.by/i/2EOovaNyiFNnag 

7

Стадыі праекта

  • рэалізаваны
  • які дзейнічае

Які дзейнічае (пачатак рэалізацыі – верасень 2021 года)

8

Анатацыя праектнай работы

Мэты праекта:

1). развіццё духоўных якасцяў навучэнцаў;

2). далучэнне да лепшых узораў народнай культуры пасрэдніцтвам рэалізацыі мадэлі арганізацыі шостага школьнага дня «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся».

Задачы праекта:

1). садзейнічаць фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці і актыўнай грамадзянскай пазіцыі навучэнцаў праз ўдзел у мерапрыемствах, якія арганізуюцца ў рамках дадзенага праекта;

2). арганізаваць супрацоўніцтва навучэнцаў, бацькоў (законных прадстаўнікоў) вучняў, настаўнікаў і іншых зацікаўленых асоб па збору інфармацыі для вывучэня гісторыі малой радзімы кожнага ўдзельніка праекта;

3). абудзіць цікавасць ва ўдзельнікаў праекта да вывучэння гісторыі свайго роду (сям'і), даўшы магчымасць для раскрыцця і рэалізацыі творчага патэнцыялу ўдзельнікаў праекта;

4). пашырыць веды вучняў пра мінулае і сучаснасць сваёй малой радзімы шляхам далучэння да  пошукавай дзейнасці, збору і аналізу тэматычнай інфармацыі;

5). спрыяць з’яднанню калектываў навучэнцаў і настаўнікаў праз сумесную пошукавую, аналітычную і краязнаўча-даследчую дзейнасць;

6). прадставіць эфектыўную мадэль шостага школьнага дня па фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці і актыўнай грамадзянскай пазіцыі навучэнцаў, захаванню і развіццю гісторыі, культуры і традыцый беларускага народа;

7). стварыць на сайце ўстановы адукацыі тэматычную старонку «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся», забяспечыўшы ўзаемадзеянне паміж педагогамі, навучэнцамі, бацькамі (законнымі прадстаўнікамі) і іншымі зацікаўленымі асобамі на аснове ўзаемнай павагі і пазітыўнага дыялогу.

Вынік праекту: дадзеная форма арганізацыі выхаваўчай работы ў шосты школьны дзень дапаможа аб'яднаць навучэнцаў, педагогаў, бацькоў (законных прадстаўнікоў) не толькі школы і регіёну школы, але і ўсяго раёна, прыцягнуць увагу да малой радзімы, сваіх продкаў і сваіх каранёў, забяспечыць умовы для фарміравання нацыянальнай самасвядомасці і актыўнай грамадзянскай пазіцыі, прывіць любоў і павагу да роднага краю, садзейнічаць далучэнню дзяцей да народнай культуры, будзе спрыяць развіццю духоўных якасцяў праз вывучэнне свайго роду, продкаў, святаў і звычаяў, народнай культуры ітрадыцый беларускага народа.

Мэтавая група праекта: навучэнцы школы, іх бацькі (законныя прадстаўнікі), настаўнікі, вучні іншых школ рэгіёна (Буда-Кашалёўскага раёна), зацікаўленыя асобы, прадстаўнікі грамадскасці.

Кароткі змест праекта: дзейнасць праекта разлічана на адзін навучальны год. Згодна гадавому плану выхаваўчай работы школы, трэцяя субота месяца прысвечана праекту, а на працягу месяца ідзе мэтанакіраваная падрыхтоўка да кожнага этапу праекта, распрацоўваюцца дакументы, якія рэгламентуюць дзейнасць этапаў праекта. Кожнаму класу даюцца заданні па тэматычных мапах Беларусі, таксама мапы размяшчаюцца на сайце школы ў адпаведным тэматычным раздзеле. Працаваць з мапай можна як віртуальна, так і фактычна. Навучэнцы, педагогі, бацькі (законныя прадстаўнікі) і ўсе зацікаўленыя могуць таксама прыняць удзел у такой даследчай, аналітычнай, краязнаўчай і творчай працы (праводзяцца святы, фэсты, экскурсіі, флэшмобы). Для спрашчэння пошуку тэматычнай інфармацыі  будуць створаны QR-коды.

9

Аўтар праекта

Галіцкая Мая Аляксандраўна, настаўнік рускай мовы і літаратуры, беларускай мовы і літаратуры, АіСМК

+375297380768

Кіріўнік установы адукацыі ___________________ Т.В. Цыкунова

УВОДЗІНЫ

«Толькі на ўласных каранёх дае дрэва багаты плод»,– пісаў Якуб Колас – вядомы беларускі паэт, пісьменнік і неабыякавы да жыцця і лёсу народа чалавек.

Калі народ губляе сувязь з мінулым, з гісторыяй, ён губляе сілу, губляе сваю будучыню, рызыкуе страціць і глебу пад нагамі – кропку дотыку, якая дае яму адчуванне паўнаты жыцця. Чалавек, які не ведае свайго мінулага, не можа прадбачыць будучыню. Згубім карані – і адсюль бездухоўнасць, знішчэнне маральнасці і страта чалавечнасці. Гэта прымушае нас звярнуцца да тысячагадовага досведу продкаў, якія жылі ў згодзе з прыродай, адчуваючы сябе неад'емнай яе часткай. Традыцыйны светапогляд народа, накопленая вякамі мудрасць з'яўляецца тым падмуркам, на якім стаялі ўсе народы. Кожны народ, перш чым зрабіць крок наперад, у будучыню, павінен умацавацца ў сваіх каранях.

У Праграме бесперапыннага выхавання дзяцей і вучнёўскай моладзі на 2021-2025 гг., зацверджанай Пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь 31 снежня 2020 года № 312 (далей - Праграма), адной з задач з'яўляецца «фарміраванне грамадзянскіх і патрыятычных якасцяў і нацыянальнай самасвядомасці дзяцей і вучнёўскай моладзі на аснове дзяржаўнай ідэалогіі». Традыцыі, культура і гісторыя роднага краю – выдатная школа выхавання грамадзянскасці, патрыятызму і актыўнай пазіцыі ў адносінах як да самаго сябе, так і да ўсяго, што вакол. Чым лепш чалавек ведае сваю культуру, родную мову і бацькаўшчыну – родны край, тым больш ён яго любіць. Гісторыка-культурная спадчына беларускага народа з'яўляецца яго здабыткам і неад'емнай часткай дасягненняў сусветнай цывілізацыі. Яна ўяўляе сабой найважнейшую, невычэрпную крыніцу творчых сіл народа. Яе захаванне – найбольш эфектыўны сродак нацыянальнага развіцця, стварэння паўнавартасных умоў ўдасканалення асобы, а духоўныя каштоўнасці, якія сцвярджаюцца грамадствам, з'яўляюцца глебай, перадумовай фарміравання нацыянальнай самасвядомасці, нацыянальнай ідэі. Беларускі народ мае права ганарыцца найбагацейшымі вытокамі сваёй культуры, фальклорам, абраднасцю, народнымі промысламі. Магчыма, з гэтай духоўнай крыніцы і бярэ пачатак беларуская нацыянальная ідэя як ідэя самабытнасці народа, ўздыму яго сіл, усведамлення нацыянальных інтарэсаў.

У сваім выступленні Прэзідэнт Беларусі А. Г.  Лукашэнка на VI Усебеларускім народным сходзе, які быў праведзены 11-12 лютага 2021 года ў Мінску, адзначыў, што установа адукацыі павінна «выхоўваць маральную асобу, прывіваць пачуццё грамадзянскай адказнасці чалавеку з маладых гадоў, каб кожны змог бачыць розніцу паміж дабром і злом і выбіраць менавіта станоўчы бок любой з'явы. Адно з важных дасягненняў дзяржавы за 27-гадовую гісторыю незалежнасці – захаванне багатай і разнастайнай гістарычнай спадчыны беларусаў, задавальненне культурных запытаў людзей». 2018-2020 гады былі аб'яўлены ў нашай краіне Трохгоддзем малой радзімы. Важнымі мэтамі з'яўляецца фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў насельніцтва, захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што прыйшоў час кожнаму не толькі памятаць пра свае карані, пра месца, дзе засталася часцінка душы, але і аддаць доўг гэтаму кавалачку зямлі. Нягледзячы на тое, што 2021 год аб’яўлены годам Народнага адзінства, не трэба забываць, хто мы, адкуль мы. «Вельмі хочацца, каб дапамога ішла ад сэрца, стала уласнай ініцыятывай. Яна можа быць матэрыяльнай, стваральнай, асветніцкай, творчай  –  хто як можа і хто колькі можа. Залежыць ад магчымасцяў, фантазіі і жадання кожнага. Надышоў момант праявіць сябе і ўпісаць сваё імя ў гісторыю гэтай малой радзімы, гэтага кавалачка нашай зямлі», – заявіў беларускі лідэр.

У адпаведнасці з вышэйпададзеным, адной з галоўных задач любой установы адукацыі з'яўляецца развіццё нацыянальнай самасвядомасці праз далучэнне навучэнцаў і выхаванцаў да духоўных каштоўнасцей свайго народа і каштоўнасцей сусветнай культуры. «Каштоўнасцю з'яўляюцца не толькі матэрыяльныя помнікі, але і добрыя звычаі, традыцыі гасціннасці, ветлівасці, уменне адчуць у іншым сваё, добрае... Любоў да Радзімы пачынаецца з любові да сваёй сям'і, да сваёй хаты, да сваёй школы», – адзначаў у сваіх працах Д. С. Ліхачоў. Гэтае выказванне вызначыла кірунак праектнай дзейнасці. Аналіз арганізацыі выхаваўчай працы Чабатовіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы  дазволіў канстатаваць неабходнасць актуалізацыі ўнутранага патэнцыялу ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. У сувязі з гэтым вызначана, што пры стварэнні выхаваўчага асяроддзя ўстановы адукацыі неабходна абапірацца на духоўна-маральны аспект фарміравання асобы вучняў не толькі ў рамках вучэбнага тыдня, але і ў рамках падрыхтоўкі і правядзення шостага школьнага дня. Такім чынам, было прынята рашэнне распрацаваць і ўкараніць мадэль арганізацыі шостага школьнага дня, накіраваную на развіццё нацыянальнай самасвядомасці з дапамогай далучэння вучняў да духоўных каштоўнасцей свайго народа і каштоўнасцей сусветнай культуры. Несумненна, гэта будзе спрыяць забеспячэнню ўмоў для прывіцця любові да роднага краю, развіццю духоўных якасцяў і далучэнню дзяцей да народнай культуры праз вывучэнне свайго роду, продкаў, святаў і звычаяў, традыцый беларускага народа.

Прапанаваны праект дазволіць распрацаваць і прэзентаваць алгарытм дзейнасці школы па фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці вучняў, захаванню і развіццю гісторыі і культуры беларускага народа ў сферы агульнай сярэдняй адукацыі, стварыць тэматычную старонку праекта на сайце школы, а таксама аказаць метадычную дапамогу педагогам.

Мэта праекта: з дапамогай ўкаранення мадэлі арганізацыі шостага школьнага дня стварыць умовы для развіцця духоўных якасцяў навучэнцаў і далучэння іх да народнай культуры

Аб'ект праекта: працэс арганізацыі шостага школьнага дня.

Прадмет праекта: формы і метады развіцця духоўных якасцяў навучэнцаў і далучэнне іх да народнай культуры.

Задачы праекта:

1). садзейнічаць фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці і актыўнай грамадзянскай пазіцыі навучэнцаў праз ўдзел у мерапрыемствах, якія арганізуюцца ў рамках дадзенага праекта;

2). арганізаваць супрацоўніцтва навучэнцаў, бацькоў (законных прадстаўнікоў) вучняў, настаўнікаў і іншых зацікаўленых асоб па збору інфармацыі для вывучэня гісторыі малой радзімы кожнага ўдзельніка праекта;

3). абудзіць цікавасць ва ўдзельнікаў праекта да вывучэння гісторыі свайго роду (сям'і), даўшы магчымасць для раскрыцця і рэалізацыі творчага патэнцыялу ўдзельнікаў праекта;

4). пашырыць веды вучняў пра мінулае і сучаснасць сваёй малой радзімы шляхам далучэння да  пошукавай дзейнасці, збору і аналізу тэматычнай інфармацыі;

5). спрыяць з’яднанню калектываў навучэнцаў і настаўнікаў праз сумесную пошукавую, аналітычную і краязнаўча-даследчую дзейнасць;

6). прадставіць эфектыўную мадэль шостага школьнага дня па фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці і актыўнай грамадзянскай пазіцыі навучэнцаў, захаванню і развіццю гісторыі, культуры і традыцый беларускага народа;

7). стварыць на сайце ўстановы адукацыі тэматычную старонку «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся», забяспечыўшы ўзаемадзеянне паміж педагогамі, навучэнцамі, бацькамі (законнымі прадстаўнікамі) і іншымі зацікаўленымі асобамі на аснове ўзаемнай павагі і пазітыўнага дыялогу.

Праект можна разглядаць як «пляцоўку» для фармавання нацыянальнай самасвядомасці вучняў праз арганізацыю пошукавай, даследчай, аналітычнай і творчай працы па вывучэнні свайго радаводу і гісторыі сваёй малой радзімы.

Навізна праекту заключана ў яго камунікатыўнай накіраванасці (пастаяннае ўзаемадзеянне навучэнцаў адзін з адным і з грамадскасцю), тэкстацэнтрычным падыходзе (вывучэнне навуковых, архіўных дакументальных тэкстаў, а таксама складанне ўласных – аўтарскіх тэкстаў розных стыляў і жанраў), культуралагічным падыходзе (стварэнне ўмоў для актыўнага свядомага вывучэння свайго роду, малой радзімы, далучэнне да каштоўнасцей беларускага народа, стварэнне ўмоў для разумення навучэнцамі культуры як сродку фарміравання асобы), у выкарыстанні медыяпрасторы (стварэнне тэматычнай старонкі на сайце школы, а ў ходзе праекта і таксама ў сацыяльных сетках у выглядзе тэматычных груп, дзе кожны ўдзельнік мае магчымасць рэалізаваць свае творчыя здольнасці, а таксама выступленні навучэнцаў школы у СМІ (раённая газета «Авангард»), арганізацыя onlinе-мерапрыемстваў ва ўмовах небяспечнай эпідэміялагічнай сітуацыіі інш.). Прапанаваны праект не патрабуе дадатковых фінансавых укладанняў і можа быць паспяхова рэалізаваны ў іншых установах адукацыі.

Удзельнікі праекта: навучэнцы, іх бацькі (законныя прадстаўнікі), настаўнікі, іншыя зацікаўленыя асобы, прадстаўнікі грамадскасці.

Тэрміны рэалізацыі: верасень 2021 - май 2022 года.

АПІСАННЕ СТРУКТУРЫ І ЗМЕСТУ ДЗЕЙНАСЦІ Ў ПЕРЫЯД РЭАЛІЗАЦЫІ ПРАЕКТА

Дзейнасць праекта разлічана на адзін навучальны год, пачынае свой адлік з верасня 2021 года. Распрацавана Палажэнне аб рэалізацыі праекта (Дадатак).

Асноўная ідэя праекта складаецца ў тым, каб стварыць ва ўстанове адукацыі арганізацыйна-метадычныя і псіхолага-педагагічныя ўмовы для развіцця духоўных якасцяў навучэнцаў і далучэння іх да народнай культуры ў сучаснай інфармацыйнай прасторы ў рамках шостага школьнага дня.

Праект створаны на аснове ідэй А. Р. Лукашэнкі, Д. С. Ліхачова. У яго аснову пакладзены меркаванні аб неабходнасці ведаць гісторыю свайго народа, далучэнні падрастаючага пакалення да традыцый свайго народа, любові да малой радзімы.

Мадэль шостага школьнага дня ўключае ўзаемазвязаныя кампаненты: метадалагічны, змястоўна-арганізацыйны, вынікова-карэкцыйны, што дае магчымасць больш выразна прадставіць працэс далучэння навучэнцаў да нацыянальных традыцый і каштоўнасцей, гісторыі і культуры беларускага народа, вызначыць адпаведнасць пастаўленай мэты канчатковаму выніку. Распрацаваная мадэль праекта знайшла адлюстраванне ў гадавым плане выхаваўчай працы школы на 2021 – 2022 навучальны год .

Метадалагічны кампанент мадэлі грунтуецца на гуманістычнай парадыгме адукацыі, адлюстроўвае сукупнасць культуралагічнага, каштоўнаснага, асобасна-арыентаванага, дзейнаснага і тэкстацэнтрычнага падыходаў.

Змястоўна-арганізацыйны кампанент мадэлі ўключае ў сябе напрамкі дзейнасці педагогаў з навучэнцамі і іх бацькамі (законнымі прадстаўнікамі), узаемадзеянне удзельнікаў з іншымі сацыяльнымі структурамі, жыхарамі нашай краіны, вёскі, рэгіёну, землякамі.

Мадэль спрыяе павышэнню інфармацыйнай культуры ўдзельнікаў праекта. Рэалізацыя мадэлі праекта ажыццяўляецца праз арганізацыю выхаваўчай прасторы для вывучэння і далучэння вучняў да культурных i духоўных каштоўнасцей свайго народа, рэсурсавае забеспячэнне арганізацыі шостага школьнага дня з дапамогай выкарыстання інфармацыйнай і медыяпрасторы.

Змястоўна-арганізацыйны кампанент уключае ў сябе:

1). арганізацыю выхаваўчай прасторы для вывучэння і далучэння вучняў да культурных і духоўных каштоўнасцей свайго народа (выхаваўчыя мерапрыемствы ў рамках шостага школьнага дня і падрыхтоўкі да іх, краязнаўча-даследчая і пошукавая дзейнасць);

2). арганізацыю сацыяльна-значнай дзейнасці па захаванню і памнажэнню культурных і духоўных каштоўнасцей (экскурсійная дзейнасць па Беларусі, вывучэнне культуры, абрадаў, славутасцяў, нацыянальных страў, гісторыі мясцовасці, дзе нарадзіліся законныя прадстаўнікі, бабулі і дзядулі навучэнцаў, а таксама біяграфіі вядомых землякоў; акцыі, фестывалі, святы ў адпаведнасці з календаром мерапрыемстваў шостага школьнага дня, якія праводзяцца кожную трэцюю суботу месяца).

Каляндар мерапрыемстваў шостага школьнага дня «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся» выглядае наступным чынам:

Месяц навучальнага года

Падтэма праекта

Дзейнасць у рамках падтэмы, заданні

Увасабленне падтэмы ў шосты школьны дзень

Верасень

Прыемна пазнаёміцца: гэта мае бацькі (бабулі і дзядулі)

Падрыхтоўка мультымедыя-прэзентацый аб дзяцінстве бацькоў, знаёмства з родавымі мясцінамі, гісторыі паходжання іх імёнаў і прозвішчаў, гісторыі аб прафесіях сям’і (роду) і аб родзе заняткаў.

Стварэнне мастацкіх апісанняў, радаводаў. Публікацыя прэзентацый на сайце школы.

Стварэнне лэпбукаў, мастацкіх фотаальбомаў.

Стварэнне «Родавай капілкі сям’і» у сацыяльных сетках (стварэнне сайта сям’і пры магчымасцях)

Кастрычнік

Адкуль наш род?

Пошук гістарычных і архіўных фотаздымкаў, дакументаў з інфармацыяй аб тых месцах, адкуль карані сям’і.

Стварэнне віртуальнай мапы сямей класа, школы ў віртуальным і рэальным выглядзе.

Работа з гістарычна-дакументальнай хронікай з серыі «Памяць»

Папаўненне «Родавай капілкі сям’і».

Афармленне фотакалажаў.

Конкурс даследчых работ «Адкуль наш род?»

Стварэнне «Родавых атласаў»

Лістапад

Нам засталася спадчына

Знаёмства з мясцінамі, дзе бярэ пачатак род (сям’я). Вывучэнне гісторыка-культурных помнікаў, славутасцяў родавай мясцовасці. Пошук фотаздымкаў, стварэнне мастацкіх (навуковых) апісанняў родавых мясцін

Папаўненне «Родавай капілкі сям’і».

Стварэнне «Родавай Вікіпедыі» сям’і, класа, школы, мультымедыя-прэзентацый.

Афармленне і размяшчэнне матэрыялаў на старонках сайта школы.

Завочнае падарожжа па мясцінах роду (сям’і)

Снежань

Хлеб ды каша – ежа наша

Вывучэнне кулінарных традыцый роду і сям’і.

Пошук і запіс рэцыптаў традыцыйных сямейных страў, страў, рэцэпты якіх перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Прыгатаванне страў (хатняе заданне),  стварэнне пакрокавых фота (відэа) майстар-класаў па прыгатаванні страў

Папаўненне «Родавай капілкі сям’і».

Стварэнне «Кулінарнай кнігі» класа, школы.

Сямейная сустрэча «Смачна есці!» – арганізацыя дэгустацыі сямейных кулінарных рэцэптаў  з канцэртнай праграмай, падрыхтаванай вучнямі

Студзень

Знакамітыя людзі майго роду

Збор інфармацыі аб знакамітых людзях (продках) роду і сям’і.

(Пры адсутнасці такіх людзей пошук звестак аб знакамітых людзях рэгіёну, адкуль пайшоў род (сям’я)).

Пошук фотаздымкаў,  архіўныхдакументаў.

Пошук, вывучэнне і збор  публікацый СМІ аб знакамітых людзях роду, сям’і.

Вывучэнне біяграфій, запіс аудыё (відэа) інтэрв’ю.

Папаўненне «Родавай капілкі сям’і».

Арганізацыя сустрэч са знакамітымі людзьмі сямей класа (школы)

Запіс і мантаж кароткіх відэафільмаў.

Стварэнне віртуальнай і рэальнай «Дошкі гонару»

Люты

Ад прадзедаў спакон вякоў…

Знаёмства з культурнымі традыцыямі, абрадамі, святамі сям’і (роду) або традыцыямі таго рэгіёну, адкуль вядзе пачатак род.

Выяўленне адметных і цікавых культурных фактаў.

Састаўленне сцэнарыяў святаў, абрадаў, традыцый, падрыхтоўка да іх інсцэніровак, дэманстрацый

Папаўненне «Родавай капілкі сям’і».

Правядзенне фестываля-конкурса інсцэніровак абрадаў, традыцый, святаў сям’і (роду).

Стварэнне фотаальбомаў, мультымедыя-прэзентацый

Сакавік

З крыніц майстэрства

Падрыхтоўка матэрыялаў пра рамёствы і таленты сям’і (роду) або пра рамёствы мясцовасці, адкуль пайшоў род.

Вывучэнне гісторыі рамяства (майстэрства).

Запіс аўдыё- або відэаінтэрв’ю з таленавітымі прадстаўнікамі сям’і (роду)

Папаўненне «Родавай капілкі сям’і»

Выстаўка вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва”

Правядзенне сямейнага фестываля талентаў.

Падрыхтоўка артыкулаў аб фестывалі і выстаўцы для раённай газеты «Авангард»

Красавік

Мая сям’я ў прасторы Сусвету

Збор і вывучэнне матэрыяла для правядзення экскурсіі (у рэжыме online або ў рэжыме рэальнага часу, калі гэта магчыма) па месцах пражывання сям’і або па месцах, адкуль пайшоў род.

Мэта такой экскурсіі – паказаць найбольш значныя і цікавыя месцы з пункту гледжання таго, хто рыхтуе экскурсійны маршрут (для кожнага спіс значных і адметных для сям’і (роду) месцаў будзе свой).  Экскурсія можа быць індывідуальнай, групавой (сямейнай) або калектыўнай (рыхтуе клас вучняў).

Папаўненне «Родавай капілкі сям’і».

Правядзенне экскурсій (віртуальных або рэальных).

Запіс відэа- і аўдыёгідаў.

Падрыхтоўка мультымедыя-прэзентацый па выніках экскурсій.

Стварэнне маршрутных карт экскурсій з нанясеннем на іх значных аб’ектаў.

Стварэнне фотаальбомаў.

Падрыхтоўка экскурсійнага камплекта матэрыялаў для перадачы ў іншыя ўстановы адукацыі рэгіёну.

Май

Усе мы – людзі Зямлі!

Падрыхтоўка да масавага мерапрыемства з удзелам усіх, хто прынімаў удзел у рэалізацыі праекта.

Запрашэнне прадстаўнікоў сямей (родаў) з другіх рэгіёнаў.

Запрашэнне прадстаўнікоў СМІ.

Падрыхтоўка інтэрактыўных пляцовак по ўсіх падтэмах праекта

Сустрэча удзельнікаў праекта.

Падвядзенне вынікаў дзейнасці ў рамках праекта.

Узнагароджанне сем’яў - самых актыўных удзельнікаў праекта.

Узнагароджанне пераможцаў конкурсаў, выстаў і фестываляў праекта.

Асвятленне дзенйнасці праекта у СМІ, сацыяльных сетках, на сайце школы.

Работа інтэрактыўных пляцовак па падітэмах праекта

Стварэнне фота-, аўдыё-, відэакантэнта.

Прэзентацыя «Родавых капілак сям’і»

Рэсурсавае забеспячэнне арганізацыі дзейнасці ўстановы адукацыі па фарміраванні духоўна-маральных, гуманістычных каштоўнасцей уключае як дзейнасць па размяшчэнні матэрыялаў праекта ў віртуальнай прасторы (сайт школы), так і кадравыя, матэрыяльна-тэхнічныя рэсурсы ўстановы адукацыі. Асаблівае значэнне мае павышэнне прафесійнага ўзроўню педагагічных работнікаў, павышэнне прафесійнага майстэрства, фарміраванне кампетэнцый.

Вынікова-карэкцыйны кампанент мадэлі накіраваны на вызначэнне яе эфектыўнасці і выяўляецца ў якасных зменах ўзроўню маральнай, інфармацыйнай культуры навучэнцаў.

Змены маральнай выхаванасці, навучэнцаў праяўляецца:

1). у авалоданні ведамі аб духоўнай спадчыне продкаў, маральных і гуманістычных каштоўнасцях;

2). у развіцці цікавасці да нацыянальных традыцый і каштоўнасцей і іх асобаснае прыняцце (эмацыйна-каштоўнасны кампанент);

3) у актыўнасці ўключэння вучняў у каштоўнасна-арыентаваную, інфармацыйную, краязнаўча-даследчую дзейнасці (дзейнасны кампанент).

Вынікова-карэкцыйны кампанент уключае ў сябе вынік дзейнасці па ўкараненні мадэлі:

1). стварэнне эфектыўнай мадэлі шостага школьнага дня, накіраванай на развіццё нацыянальнай самасвядомасці з дапамогай далучэння вучняў да духоўных каштоўнасцей сваёй сям’і, свайго роду, свайго народа;

2). фарміраванне дыягнастычнага інструментара ацэнкі эфектыўнасці мадэлі шостага школьнага дня;

3). стварэнне банка інфармацыйных, вучэбна-метадычных матэрыялаў і абагульненне вынікаў па арганізацыі ўкаранення мадэлі шостага школьнага дня «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся».

Асноўныя прынцыпы, якія ляжаць у аснове стварэння арганізацыйна-метадычных і псіхолага-педагагічных ўмоў для далучэння навучэнцаў да нацыянальных традыцый і каштоўнасцей:

1). дэмакратызацыя (размеркаванне правоў, паўнамоцтваў і адказнасці паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу);

2). гуманізацыя (роўнадаступны для кожнай асобы выбар ўзроўню, якасці, накіраванасці адукацыі, спосабу, характару і формы яе атрымання, задавальненне культурна-адукацыйных патрэбаў у адпаведнасці з індывідуальнымі каштоўнаснымі арыентацыямі. Пераарыентацыя адукацыйнага працэсу на асобу вучня);

3). гуманітарызацыя адукацыйных праграм (суадносіны і спалучэнне навучальных прадметаў і інфармацыі, прымяненне такіх тэхналогій навучання, якія забяспечваюць прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцяў).

4). дыферэнцыяцыя, мабільнасць і развіццё (забеспячэнне навучэнцам па меры іх сталення, сацыяльнага станаўлення магчымасці зносін з аднагодкамі, землякамі, ўсведамленне ўласнай значнасці);

5). адкрытасць (прадастаўленне магчымасці адукацыі і выхавання на любой ступені, любым узроўні).

Усе гэтыя прынцыпы становяцца кіраўніцтвам да дзеяння ва ўстанове адукацыі, дзе адным з асноўных кірункаў з'яўляецца стварэнне арганізацыйна-метадычных і псіхолага-педагагічных умоў для развіцця духоўных якасцяў, далучэнне вучняў да духоўных каштоўнасцей беларускага народа праз павышэнне інфармацыйнай культуры.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Такім чынам, адзін шосты школьны дзень у месяц (3-і тыдзень) прысвечаны праекту «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся», а на працягу месяца ідзе падрыхтоўка да кожнага этапу праекта, распрацоўваюцца Палажэнні аб правядзенні мерапрыемстваў у рамках праекта (Дадатак).

Мапы Беларусі для нанясення на іх інфармацыі (згодна падтэмам праекта) размяшчаюцца ў кабінеце кіраўніка праекта, ствараецца тэматычны раздзел на сайце школы, дзе кожнаму вучню, класу адведзена месца працы з картай краіны.

Працаваць з картай можна як віртуальна, так і фактычна.

Навучэнцы, педагогі, законныя прадстаўнікі і ўсе зацікаўленыя могуць таксама прыняць удзел у даследчай, творчай працы.

Для спрашчэння ўваходу на тэматычны раздзел сайта школы будуць створаныя QR-коды.

Мерапрыемствы, якія завяршаюць рэалізацыю праекта, праводзяцца ў канцы навучальнага года.

Варта адзначыць асаблівасці іх правядзення.

Удзельнікамі з'яўляюцца педагогі, навучэнцы, бацькі (законныя прадстаўнікі), зацікаўленыя асобы, запрошаныя госці, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і СМІ. Арганізоўваецца фотавыстава калажаў, лэпбукаў, фотаальбомаў, зробленых пад час дзейнасці праектаў.

На фінальным мерапрыемстве праекта працуе 7 інтэрактыўных пляцовак, дзейнасць на якіх арганізоўваюць як навучэнцы, так і бацькі (законныя прадстаўнікі), педагогі.

Прыкладная арганізацыя інтэрактыўных пляцовак наступная (заданні на пляцоўках даюцца загадзя):

1. Пляцоўка «Глядзім!», дзе ідзе паказ ролікаў, віртуальных экскурсій, відэаінтэрв’ю, зробленых у рамках праекта. Пасля прагляду ідзе галасаванне, вызначаецца пераможца.

2. Пляцоўка «Гуляем!». Кожны жадаючы можа пагуляць у беларускія гульні, пазнаёміцца з гульнямі дзяцінства бацькоў ці ўнікальнымі гульнямі Гомельскай вобласці.

3. Пляцоўка «Каштуем!» Удзельнікаў запрашаюць на дэгустацыю беларускіх страў.

4. Пляцоўка «Спяваем!»  Для наведваальнікаў пляцоўкі арганізоўваюць караоке беларускіх песень.

5. Пляцоўка «Малюем!». Усе жадаючыя могуць прыдумаць і намаляваць герб сваёй сям'і.

6. Пляцоўка «Ствараем!». Усе жадаючыя з розных падручных матэрыялаў могуць стварыць талісман-ахоўнік для сваёй сям’і.

7. Пляцоўка «Танчым!». Наведвальнікаў пляцоўкі запросяць вывучыць некалькі рухаў з беларускіх народных танцаў і прадэманстраваць танцавальнае майстэрства.

У канцы заключнага мерапрыемства праводзіцца масавы гранд-фінал. Аб'яўляюцца пераможцы. Пасля ўзнагароджання ўсе ўдзельнікі мерапрыемства ўдзельнічаюць ва флэшмобе: размяшчаюцца на імправізаванай карце Беларусі са стужкамі чырвонага,зялёнага і белага колеру. Спяваецца песня «Беларусь мая» (словы і музыка Кірыла Ермакова)

Такім чынам, дадзеная форма арганізацыі выхаваўчай работы ў шосты школьны дзень з выкарыстаннем сучасных медыярэсурсаў дапаможа аб'яднаць навучэнцаў, педагогаў, бацькоў (законных прадстаўнікоў) не толькі школы, але і іншых мясцовасцяў, прыцягнуць увагу да малой радзімы, сваіх каранёў, забяспечыць умовы для фарміравання нацыянальнай самасвядомасці, прывіцця любові да роднага краю, развіцця духоўных якасцяў і далучэння дзяцей да народнай культуры праз вывучэнне свайго роду, продкаў, святаў і звычаяў, традыцый беларускага народа.

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі: 13 студзеня  2011 г. №243-3: прыняты Палатай прадстаўнікоў 2 снежня 2010 года: Адобраны Саветам Рэспублікі 22 снежня 2010 года. – Мінск, 2011.

2. Праграма бесперапыннага выхавання дзяцей и вучнёўскай моладзі на 2021-2025 гг. Зацверджана Пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь 31 снежня 2020 г. № 312. // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі. Беларусь [Электронный ресурс]. – Рэжым доступу: http : / www.pravo.by/  – Дата доступу 03.09.2021.

3. Метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі работы з навучэнцамі, бацькамі вучняў (законнымі прадстаўнікамі) па вучэбных прадметах, мерапрыемстваў профарыентацыйнай накіраванасці ў шосты школьны дзень  //Акадэмія паслядыпломнай адукацыі [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://www.academy.edu.by/   – Дата доступу: 03.09.2021.

4. Акадэмія паслядыпломнай адукацыі  [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://www.academy.edu.by/  – Дата доступу: 14.09.2021.

5. Акадэмія паслядыпломнай адукацыі [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://www.academy.edu.by/files/6%20den%202017/IMP_vospitanie%202020-2021.pdf/ . – Дата доступу: 06.09.2021.

6. Акадэмія паслядыпломнай адукацыі  [Электронны рэсурс]. – Режим доступу: http://www.academy.edu.by/files/6%20den%202017/IMP%20dop%20mera.pdf/ . – Дата доступу: 10.09.2021.

7. Нацыянальны інстытут адукацыі [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: https://adu.by/ru/ . – Дата доступу 05.09.2021.

ДАДАТАК

ПАЛАЖЭННЕ

аб правядзенні школьнага праекта

«Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся» у рамках арганізацыі

шостага школьнага дня

1. Дадзенае Палажэнне аб школьным праекце «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся» (далей - праект) у рамках арганізацыі шостага школьнага дня вызначае мэту і задачы, склад удзельнікаў, парадак і тэрміны яго правядзення.

ДУА «Чабатовіцкі дзіцячы сад – сярэдняя школа» аб'яўляе аб правядзенні школьнага праекта «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся», які ўключае ў сябе разнастайныя творчыя ідэі і падыходы да арганізацыі шостага школьнага дня, накіраваныя на прывіццё любові да роднага краю, развіццё духоўных якасцяў і далучэнне дзяцей да народнай культуры праз вывучэнне свайго роду, продкаў, святаў і звычаяў, традыцый беларускага народа, захаванне і множанне культурных, духоўна-асветніцкіх каштоўнасцей у сучаснай інфармацыйнай прасторы, на развіццё медыякультуры ў асяроддзі моладзі, якая ўключае у сябе эфектыўныя мадэлі фарміравання інфармацыйнай культуры і бяспекі падрастаючага пакалення; развіцця ўнутрысеткавага ўзаемадзеяння паміж педагогамі, навучэнцамі і іх бацькамі (законнымі прадстаўнікамі) на аснове ўзаемнай павагі і пазітыўнага дыялогу.

2. Мэты праекта:

1). стварэнне ўмоў для з’яўлення у вучняў павышанай цікавасці да вывучэння геаграфічных, гістарычных, культурных асаблівасцяў нашай краіны праз вывучэнне каранёў свайго роду, сям'і, развіцця іх творчага патэнцыялу і грамадскай актыўнасці;

2). стварэнне ўмоў для развіцця інтэлектуальнай, маральнай, камунікатыўнай культуры вучняў, фарміраванне культуры вольнага часу;

3). удасканаленне работы класных калектываў па арганізацыі выхаваўчага працэсу ў шосты школьны дзень.

3. Задачы:

1). сістэматызаваць малавядомыя гістарычныя, культурныя, эканамічныя, прыродныя, сацыяльныя каштоўнасці малой радзімы і сваёй сям'і (свайго роду);

2). папулярызаваць гісторыка-культурныя і прыродныя славутасці малой радзімы свайго роду;

3). прывіць вучням даследчыя навыкі, пашырыць і паглыбіць інтэлектуальныя і пазнавальныя здольнасці вучняў;

4). садзейнічаць фарміраванню ў маладога пакалення грамадзянска-патрыятычных пачуццяў, адказнасці за адраджэнне і захаванне гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны сваёй малой радзімы.

4. Удзельнікі праекта.

У мерапрыемствах праекта прымаюць удзел класныя калектывы, бацькі навучэнцаў (законныя прадстаўнікі), педагогі, іншыя зацікаўленныя асобы, прадстаўнікі грамадскасці.

5. Тэрмін рэалізацыі праекта

Праект рэалізуецца ў перыяд з верасня 2021 года па май 2022 года.

Кожны месяц у школе ў шосты школьны дзень праводзіцца справаздачнае мерапрыемства аб выкананым заданні ў адпаведнасці з календаром мерапрыемстваў.

Верасень. Прыемна пазнаёміцца: гэта мае бацькі (бабулі і дзядулі).

Кастрычнік. Адкуль наш род?

Лістапад. Нам засталася спадчына.

Снежань. Хлеб ды каша – ежа наша.

Студзень. Знакамітыя людзі майго роду.

Люты. Ад прадзедаў спакон вякоў…

Сакавік. З крыніц майстэрства.

Красавік. Мая сям’я ў прасторы Сусвету.

Май. Усе мы – людзі Зямлі!

6. Для падрыхтоўкі матэрыялаў праекта навучэнцы з бацькамі (законнымі прадстаўнікамі), настаўнікамі, іншымі зацікаўленымі асобамі ўдзельнічаюць у віртуальных паходах, экскурсіях і экспедыцыях па малой радзіме, даследуюць аб'екты гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны малой радзімы свайго роду, сістэматызуюць і аналізуюць сабраны матэрыял. Размяшчаюць сабраны матэрыял на мапе Беларусі, створанай кожным класам школы, на якую можна зайсці пры дапамозе QR-кода.

7. Падвядзенне вынікаў мерапрыемстваў праекта ажыццяўляецца ў маі 2022 года.

8. Рэалізацыя праекта ў віртуальнай прасторы адбываецца на сайце Чабатовіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы па спасылцы https://chebotovichi.schools.by/, дзе ў канцы верасня будзе створана асобная папка для размяшчэння матэрыялаў праекта. Таксама старонцы сайта з інфармацыяй аб праекце будзе прысвоены QR-код. Пры навядзенні сканера QR-кода на мабільным тэлефоне на сам QR-код адбываецца пераход у кропку праекту, дзе кожны можа паглядзець як матэрыялы праекта, так і дадатковую інфармацыю і дакументы аб яго рэалізацыі.

ЗМЕСТ

Анкета-заяўка………………………………………………………………..

2

Уводзіны……………………………………………………………………..

5

Апісанне структуры і зместу дзейнасці ў перыяд рэалізацыі праекта…...

9

Заключэнне…………………………………………………………………...

17

Спіс выкарыстаных крыніц…………………………………………………

19

Дадатак……………………………………………………………………….

20

Змест……………………………………………………………………….....

22

  Вернуться на главную страницу: https://chebotovichi.schools.by/

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.